РУС БЕЛ ENG

Міні-музей "Сялянская хатка"

Інфармацыя
аб міні-музеі беларускай культуры ў дзяржаўнай установе адукацыі “Любушанская сярэдняя школа Бярэзінскага раёна”
 
 
  Духоўны скарб не грошы і не мода.
  Ён, быццам сонца, ззяе для дзяцей.
                                                                                        Выхоўваць на традыцыях народа
                                                                                         Павінны змалку мы сваіх дзяцей.
                            М.Грудзінскі
 
         Ва ўстанове адукацыі дзейнічаюць дзве рознаўзроставыя дашкольныя групы: “Сонейка” і “Вясёлка”, якія наведваюць 36 выхаванцаў.
         У рознаўзроставай групе “Вясёлка”, якую наведваюць 18 выхаванцаў ад 4 да 7 год створаны міні-музей беларускай культуры  “Сялянская хатка”, як працяг міні-музея  “Беларузкая казка” у рознаўзроставай групе “Сонейка” (18 выхаванцаў ад 2 да 4 гадоў).
Створаны 20 красавіка 2019 года, профіль – этнаграфічны.
Мэта стварэння музея:
Фарміраванне ў дашкольнікаў патрыятычных пачуццяў, знаёмства з народнай культурай мінулага, фарміраванне ўяўленняў пра гісторыю і традыцыі беларускага народа.
Задачы:
- стварыць прадметна-развіваючае асяроддзе ў дашкольнай установе, якая садзейнічае далучэнню дзяцей дашкольнага ўзросту да народнай культуры;
- павысіць узровень ведаў выхавальнікаў аб сістэме музейнай педагогікі;
- пазнаёміць дзяцей з элементамі матэрыяльнай культуры, якая ўключае ў сябе знаёмства з жыллём, прадметамі побыту, прыладамі працы, адзеннем, нацыянальнымі стравамі;
- пазнаёміць дзяцей з народнымі звычаямі, абрадамі, святамі, народнай творчасцю, мастацтвам;
- прыцягнуць бацькоў да актыўнага ўзаемадзеяння па далучэнні дзяцей да народнай культуры, да стварэння музея, пашырыць уяўленні бацькоў пра гісторыю і традыцыі беларускага народа.
         Міні-музей размешчаны ў раздзявалцы групы “Вясёлка”.
Агульная колькасць экспанатаў 38:
Абрус вышываны (кавалак тканіны спецыяльнага вырабу, якім засцілаюць стол) – 1;
Абярэг – 1;
Вілкі (доўгая драўляная ручка з дзвюма металічнымі паўкруглымі рагамі на канцы; пры дапамозе гэтай прылады ставяць у печ і вымаюць з печы гаршкі, чыгункі) – 1;
Гладыш (збан без ручкі) – 1;
Гаршчок  (гліняная пасудзіна са звужаным дном для прыгатавання стравы, для малака, для пакаёвых раслін) – 1;
Калаўрот (самапралка, прылада для механічнага прадзення лёну, воўны ў хатніх умовах) – 1;
Кашуля (адзенне з лёгкай тканіны на верхнюю частку цела (мужчынскае) – 1;
Качалка (прыстасаванне для разгладжвання тканых вырабаў) – 1;
Качарга (тоўсты жалезны прут, сагнуты на канцы, для перамешвання паліва ў печы, выграбання попелу) – 1;
Кошык (сплеценая з лазы ў выглядзе кашолкі для складання і пераноскі чаго-небудзь) – 2;
Кубак (невялікая пасудзіна з гліны для піцця) – 1;
Лапці (традыцыйны сялянскі абутак, сплецены з лыка) – 1 пара;
Лыжка драўляная (прадмет сталовага прыбора для зачэрпвання ежы) – 1;
Лубянка (ручны кораб з бяросты для захоўвання, пераноскі, упакоўкі чаго-небудзь) – 1;
Маслабойка (апарат для збівання жывёльнага масла) – 1;
Матавіла (прыстасаванне для змотвання нітак у маткі) – 1; 
Посцілка (лёгкая саматканая коўдра або прасціна, якую рассцілаюць на пасцель або якой накрываюцца ці засцілаюць ложак) – 2;
Пояс (стужка, шнур, рэмень і пад., якімі падпяразваюць адзенне па таліі) – 1; 
Пранік (плоскі драўляны брусок з ручкай для выбівання бялізны пры мыцці ці абівання, абмалоту лёну) – 1;
Прас (металічная прылада для прасавання адзення, тканіны) – 1;
Ручнік саматканы (вузкі прадаўгаваты кавалак тканіны для выцірання твару, рук ці пасуды) – 3;
Ручнік вышываны – 3;
Сальніца (невялікая пасудзіна для солі) – 1;
Сіта (рэшата з густой сеткай для прасейвання або працэджвання чаго-небудзь) – 1;
Сукала (прылада для насуквання нітак на цэўкі) – 1;
Талерка (сталовая пасуда круглай формы з шырокім дном і прыўзнятымі краямі) – 1;
Цацка (прадмет, прызначаны для гульні, аздобы, упрыгожання) – 5;
Чапяла (спецыяльна загнутая на канцы лапатачка з ручкай для захоплівання гарачай скаварады) – 1.
         Будучыня роднай Беларусі залежыць ад падрастаючага пакалення: яго каштоўнасных арыенціраў, мыслення і паводзін. Таму сапраўднае выхаванне  не можа не быць не нацыянальным. Чалавек павінен жыць у свеце не як у чужым доме, а як у сваім.
      Што мы можам перадаць у духоўную спадчыну дзецям? Як будуць захоўвацца  лепшыя  традыцыі і абрады?  Чым будуць дзеці ганарыцца і з каго браць прыклад? Як выхаваць сыноў і дачок працавітымі, добрымі, сумленнымі?
         Гэтыя пытанні задаюць і шукаюць на іх адказы і бацькі, і педагогі. Сёння многія вучоныя, практыкі аднадушныя ў тым, што неабходна вяртацца да народнай педагогікі, да нацыянальных традыцый, народнай культуры. Зыходзячы з педагагічнай значнасці працы ў гэтым напрамку ў нашым дзіцячым садзе ўзнікла ідэя стварэння этнаграфічнага міні-музея “Сялянская хатка” як бы працяг музея “Беларуская хатка”,  які размешчаны ў будынку школы. Дзякуючы намаганням калектыву супрацоўнікаў дашкольных груп, бацькоў выхаванцаў міні-музей даволі хутка папоўніўся вырабамі  з саломы, гліны, вышыванкамі, прыладамі працы і іншымі экспанатамі.
Міні-музей зберагае памяць аб нашых продках, захоўвае прадметы даўніны і беражліва перадае дашкалятам ўспаміны пра побыт дзядоў і прадзедаў, цікава раскажа нашчадкам пр іх жыццё. 
         Наведвальнікамі міні-музея з’яўляюцца не толькі выхаванцы рознаўзроставай групы “Вясёлка”, але і дзеці малодшай рознаўзроставай групы “Сонейка”, для якіх экскурсіі праводзяць не толькі выхавацелі, а і дашкольнікі групы. Дзецям дазваляецца памераць лапці, “узбіць” масла ў маслабойцы, разгледзець зблізу вышыты ручнік. Тады яны адчуваюць сябе далучанымі да працэсу і пачынаюць цікавіцца гісторыяй з’яўлення экспаната, лягчэй засвойваюць матэрыял. Пры арганізацыі заняткаў у міні-музеі выкарыстоўваюцца розныя мастацкія сродкі. Загадкі, прыказкі, прымаўкі пра экспанаты музея, расказаныя гульнёвымі персанажамі: дамавым Кузем, Бабай Ягой, дапамагаюць данесці да дзяцей матэрыял больш даступна.
Важная асаблівасць музея – удзел у яго стварэнні дзяцей і іх бацькоў. Дашкольнікі такім чынам адчуваюць сваю прыналежнасць да творчасці, тут яны ўжо не проста сузіральнікі, а сааўтары. Таксама бацькі актыўна прымаюць удзел у мерапрыемствах дашкольнай установы: ранішніках, народных і спартыўных святах. Толькі той, хто любіць, шануе і паважае захаванае папярэднім пакаленнем, можа любіць радзіму, пазнаваць яе, стаць сапраўдным патрыётам.
         У малодшай рознаўзроставай групе “Сонейка”, як пачатак этнаграфічнага міні-музея “Сялянская хатка”,  адначасова быў створаны міні-музей “Беларуская казка”, з мэтай эфектыўнай і мэтанакіраванай арганізацыі работы па маральным і патрыятычным выхаванні, сацыялізацыі і выхаванні творчай асобы выхаванцаў сродкамі музея, фарміравання цікавасці да казак і кніжак, пашырэння кругагляду, развіцця ў дашкольнікаў маўлення, увагі, мыслення. Міні-музей “Беларуская казка” прадстаўлены рознымі відамі тэатра па беларускіх народных казках: на конусах, пальчыкавы, настольны, лялечны, стэндавы, на талерках, на лыжках “Дзедава рукавічка”, “Коцік, Петрык, талеркі і мышка”, “Курачка-раба”, “Зайкава хатка”, “Пчала і муха”.
         Наш міні-музей толькі распачаў сваю работу, папаўняецца экспанатамі, але хочацца верыць, што ён дапаможа сфарміраваць асобу, здольную стаць актыўным носьбітам нацыянальнай культуры, будзе спрыяць выхаванню сапраўднага грамадзяніна, стане візітнай карткай нашай дашкольнай установы.