РУС БЕЛ ENG

Далучэнне выхаванцаў да беларускай мовы ў працэсе фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў

29.04.2022

ДАЛУЧЭННЕ ВЫХАВАНЦАЎ ДА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ 

Ў ПРАЦЭСЕ ФІЗКУЛЬТУРНА-АЗДАРАЎЛЕНЧЫХ МЕРАПРЫЕМСТВАЎ

 

Авалоданне дзецьмі дашкольнага ўзросту беларускай мовай –  гэта адзін з асноўных элементаў фарміравання асобы дзіцяці, засваення ім пачаткаў нацыянальнай культуры.

Развіццё беларускага маўлення дзяцей у ўстанове дашкольнай адукацыі з рускай мовай навучання і выхавання носіць практычны характар. Важнае значэнне надаецца ўліку прынцыпаў інтэграцыйнасці, культураадпаведнасці і пераемнасці.  

У межах правядзення беларускамоўных дзён і тыдняў ва ўстанове дашкольнай адукацыі магчыма далучыць выхаванцаў да роднага слова шляхам увядзення беларускай мовы ў камунікатыўнае асяроддзе фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў.

Пачынаецца дзень з ранішняй гімнастыкі. Для таго, каб падняць настрой дзяцей, абудзіць ад сну, зацікавіць іх, пачынаем ранішнюю гімнастыку з загадкі, заклічкі. Дзеці з задавальненнем выконваюць фізічныя практыкаванні пад вершаваны рытм. Рытмічныя рухі выконваюцца лёгка і  не выклікаюць стамлення. У ранішнюю гімнастыку можна ўключыць комплексы на розныя тэмы: “Вожык”, “Кукарэку, певунок”, “Звярыная зарадка“. 

Уводная частка гімнастыкі будуецца па змесце знаёмых дзецям вершаў. Да вершаў падыходзім творча, знаходзім радкі, пад якія дзеці могуць выконваць розныя віды хадзьбы ці бегу, раздзяляем верш на часткі, прадугледжваем, каб фізічная нагрузка на выхаванцаў была аптымальная. 

З выхаванцамі малодшай групы выкарыстоўваем верш Кандрата Лейкі “Верабей”, з выхаванцамі сярэдняй групы выкарыстоўваем народны верш “Горкай, горкай, горачкай…”, з выхаванцамі старшай групы – верш Змітрака Бядулі “Дудачка”.

 

Вашай увазе прапануецца ўводная частка гімнастыкі з выхаванцамі 4-5 гадоў паводле народнага верша “Горкай, горкай, горачкай” 

 

Кіраўнік фізічнага выхавання чытае верш, а дзеці выконваюць розныя віды хадзьбы.

Горкай, горкай, горачкай

Ішоў малы Ягорачка. (Дзеці ідуць па крузе).

Ваўкоў ён не баяўся,

Страхаў не пужаўся. (Дзеці азіраюцца назад).

Пратаптаў Ягорачка Сцежачку да горачкі. (Дзеці ідуць з высокім падыманнем каленяў).

 

Выразаў Ягорачка   (Лёгкі бег адзін за адным). дудачку-свісцёлачку.

І свістаў ён птушачкай,

Птушачкай-пяюшачкай.

Горкай, горкай, горачкай (Дзеці ідуць змейкай на насках).

Ішоў малы Ягорачка. 

Пратаптаў Ягорачка (Бег змейкай). Сцежачку да горачкі. 

 

Горкай, горкай, горачкай (Дзеці выконваюць падскокі на дзвюх нагах з пасоўваннем  наперад).

Скакаў малы Ягорачка. Пратаптаў Ягорачка

Сцежачку да горачкі. 

 

Горкай, горкай, горачкай (Дзеці выконваюць практыкаванні на аднаўленне дыхання).

Прыйшоў малы Ягорачка. 

 

Пасля мастацкага суправаджэння ўводнай часткі дзеці з жаданнем выконваюць фізічныя практыкаванні ранішняй гімнастыкі. 

Вядучую ролю ў фізічным развіцці выхаванцаў займаюць фізкультурныя заняткі, у якія мы ўключаем мастацкае слова, элементы тэатралізацыі, беларускія народныя гульні.

На занятках па фізічнай культуры, дзякуючы практыкаванням з назвай, дзеці малодшага ўзросту добра ўяўляюць вобраз таго ці іншага персанажа і імкнуцца прадставіць яго. Напрыклад, “Мішка касалапы шырока ставіць лапы”, ”Бег ваўчок наш праз лясок”; “Могуць зайчаняты спінку выгінаць, яшчэ лоўка любяць разам прысядаць” і г.д.

З выхаванцамі 4-6 гадоў практыкуем арганізацыю заняткаў па фізічнай культуры па змесце беларускіх народных казках “Муха-пяюха”, “Каза-манюка”, “Пшанічны каласок”, “Зайкава хатка”, “Як курачка пеўніка ратавала”, “Верабей і мыш”. Выхаванцам цікава сустрэцца са знаёмымі персанажамі, перадаваць імітацыйныя рухі, паўтараць радкі ці сказы з тэксту, якія маюць паўтор: “Я муха-пяюха, а ты хто? Чаго ты, Зайчык, плачаш? Толькі не я, толькі не я. Нідзе не была, нічога не ела, не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі. Карова, карова, дай малака. Касцы, касцы, дайце сена. Карані ці вяршкі? Карані ці вяршкі?” і г.д. Для заняткаў падбіраем добра знаёмыя дзецям казкі. Пры выкананні рухаў і роляў дзеці атрымліваюць эмацыянальнае задавальненне, вучацца гаварыць, слухаць і ўзаемадзейнічаць. 

Фрагмент фізкультурнага занятку па выкананні асноўных відаў рухаў з выхаванцамі сярэдняй групы паводле матываў беларускай народнай казкі “Верабей і мыш”. 

Палова дзяцей – “мышы”, палова дзяцей – “вераб’і”. Кіраўнік фізічнага выхавання расказвае фрагмент казкі, а дзеці выконваюць рухі.

Жылі – былі побач Вераб’і і  Мышы.

Вераб’і пад страхою (дзеці стаяць на лаўках), а Мышы ў норцы пад хатай (дзеці стаяць перад сцэпленымі абручамі).

Надумалі яны пасеяць пшаніцу (“вераб’і” саскочылі з лаўкі, а “мышы” пралезлі пад абручамі). 

Назбіралі зярнят, засеялі поле (звычайная хадзьба ў розных напрамках).

Хутка паспела пшаніца (паказ каласкоў пшаніцы), пабеглі яны глядзець (бег у розных напрамках).

Мышы пытаюцца ў вераб’ёў: 

  • Вам карані ці вяршкі?

Вераб’і адказваюць:

  • Бяром карані.

Мышы зжалі каласы і ў свае норы панеслі (паўзуць з апорай на калені і далоні).

А Вераб’і  пакаштавалі карані – нясмачныя (паўзуць з апорай на ступні і далоні).

Давялося Вераб’ям  галоднымі зімаваць.

Сустрэліся вясною Вераб’і і Мышы (хадзьба на насках у розных напрамках).

Вырашылі  моркву пасеяць (хадзьба на пятках).

Вырасла морква (паказ морквы з лісцем). 

Мышы пытаюцца ў вераб’ёў: 

-Вам карані ці вяршкі?

Вераб’і адказваюць:

  • Бяром вяршкіі.

Сабралі Мышы свае карані і елі патроху (поўзанне па гарызантальнай гімнастычнай лаўцы на жываце, падцягваючыся рукамі).

А Вераб’і пакаштавалі вяршкі, надзьмуліся, ледзь не плачуць (выконваюць скачкі з абруча ў абруч).

 За гэтым усім назірала Варона ды пасмейвалася. Потым вырашыла памірыць Вераб’ёў і Мышэй.   

Дзеці стаяць адзін насупраць аднаго і гавораць словы: давай з табой мірыцца, давай з табой дзяліцца, будзем мы сябраваць, песні пець і танцаваць.

 

Вялікае значэнне для ўзбагачэння рухальнага вопыту выхаванцаў маюць мерапрыемствы актыўнага адпачынку: фізкультурныя святы, Дні здароўя.

Суправаджэнне фізічных рухаў, эстафет, спаборніцкіх гульняў невялікім тэкстам, вершаванымі, вобразнымі радкамі, словамі казачных персанажаў забяспечвае станоўчую матывацыю да авалодання роднай мовай, паглыбляе мастацкае ўспрыманне зместу казак і вершаў, дазваляе засвоіць яскравыя выразы. 

Практыкуем у канцы мерапрыемстваў з выхаванцамі 4-6 гадоў выкарыстоўваць слоган ці хэштэг (ключавое слова або фраза): “Каб здаровым быць і лоўкім, трэба нам фізтрэніроўка”, “Здаровы я – здаровая краіна”, “Фізічны рух – моцны дух”, “Зарадку рабіць – здаровым быць”, “Любім бегаць і скакаць, паспрабуй ты нас дагнаць”.

 Наяўнасць  картатэк фізкультхвілінак, лічылак, заклічак, беларускіх народных гульняў дае магчымасць шырэй выкарыстоўваць беларускае мастацкае слова пры арганізацыі рухальнай актыўнасці ва ўсіх узроставых групах.

Каб выклікаць у дзяцей большую цікавасць да беларускіх гульняў і актывізаваць на беларускае маўленне выкарыстоўваюцца розныя атрыбуты: паясы, капелюшы, накідкі, лыжкі, какошнікі, вяночкі, лапці і інш. Дзецям падабаецца, калі яны выконваюць адпаведныя рухі і кожны дзейнічае з гульнявымі атрыбутамі (шарыкамі, хустачкамі, стужкамі). Каб гульня выклікала ў дзяцей цікавасць прадугледжваем некалькі варыянтаў правядзення.  

Прапануем Вашай ўвазе беларускую народную гульню “Бярозка” з выхаванцамі сярэдняй групы.

 

Беларуская народная гульня “Бярозка”

З ліку тых, хто гуляе, лічылкай выбіраецца дзяўчынка-бярозка, ёй апранаецца накідка і яна становіцца ў круг. Дзеці ходзяць па крузе, паклаўшы хустачкі на правае плячо, і гавораць:

Бярозка белая, макаўка зялёная.

Летам махнаценька, зімой сучкаваценька, Дзе яна стаіць, там і шуміць.

Дзець спыніліся, павярнуліся ў другі бок і пайшлі па крузе. Дзяўчынка-бярозка ходзіць у крузе і збірае ў дзяцей хустачкі, а дзеці гавораць:

Бярозка зялёнянька, вясною вясёлянька.

Сярод поля стаіць, лісточкамі шуміць.

Дзяўчынка-бярозка імітуе шум лістоў – махае хустачкамі. Дзеці спыніліся, у круг павярнуліся і гавораць прыгаворку:

“А восенню карані ў бярозкі засынаюць і лісточкі ападаюць!”. Дзяўчынкабярозка раскідвае хустачкі, дзеці пад музыку бегаюць па зале. Калі музыка заканчваецца, дзеці падымаюць хустачкі, утвараюць круг. 

 

Педагагічную дзейнасць трэба грунтаваць на роднай мове, на роднай гісторыі, на родным фальклоры і літаратуры, што дазволіць захаваць народныя традыцыі.