РУС БЕЛ ENG

Асуджаныя на вайну (даследчая работа)

Даследчая праца “Асуджаныя на вайну (дзяўчынкі-сведкі ваеннага ліхалецця ) – успаміны”

Выканала вучаніца 10 класа Шмарлоўская Марыя Аляксееўна, кіраўнік намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Атрошчанка Г.М.

Уводзіны

                                                             …Яны не плакалі бяссоннымі начамі,

                                                             Калі ад бомбаў неслі іх у склеп,

                                                             І словы першыя, якім іх навучалі,

                                                             Былі пра немцаў, пра вайну і хлеб…

“Дзеці вайны” Пімен Панчанка

         Вайна адыходзіць у нябыт, з кожным годам яна далей і далей ад нас.

У мінулым годзе мы адзначылі  70-годдзе вызвалення нашай роднай краіны, у гэтым будзем святкаваць 70-годдзе Вялікай Перамогі. Важныя даты. Патрэбныя. Перш за ўсё для нас, бо мы мірна вучымся і працуем пад ясным небам у XXI стагоддзі. Пра гэта марылі нашы дзяды і прадзеды ў акопах пад Сталінградам і ў блакадным Ленінградзе. Пра гэта думалі тыя, хто ў калонах пасля параду на Краснай плошчы сыходзілі абараняць Маскву. Пра гэта марылі ў партызанскім атрадзе і на акупаваных тэрыторыях. Усе хацелі жыць без вайны. А гэта права атрымалі мы.

А яшчэ памяць патрэбна, як паветра, тым, каго называюць праўнукамі Перамогі. Сёння побач з намі ёсць яшчэ жывыя ўдзельнікі той страшнай і далёкай вайны. Узрост. З часам не паспрачаешся. Ён, як заўсёды, абыякавы і да нашых жаданняў, і да нашых просьбаў. Але зараз у нас яшчэ ёсць час, каб не толькі выказаць словы падзякі салдатам Перамогі, а запомніць, захаваць і перадаць наступнаму пакаленню памяць аб тых гераічных гадах. Гісторыя вайны, нібы з пазлаў, складаецца з гісторый кожнага яе сведкі. Гады не ўладныя над памяццю. А яна захоўвае і прыклады бясстрашнасці, і прыклады подласці і здрады. Сведкамі той вайны засталіся дзеці,    якія разам з бацькамі мужна перажывалі ўсе нягоды ваеннага ліхалецця. Хлапчукі і дзяўчынкі ваеннага часу спазналі голад і безбацькоўшчыну, акупацыю і эвакуацыю, бамбёжкі і здзекі фашысцкіх захопнікаў. Дзеці вайны перажылі ўсе жахі тых крывавых гадоў, і гэты час пакінуў ім незагойныя раны. Пакаленне таго часу сапраўды было “асуджана” на вайну.

Асуджанымі на вайну былі і жыхары нашага раёна. 3 ліпеня 1941 года боты ненавісных фашыстаў упершыню сталі таптаць зямлю Бярэзінскага раёна. Жыхары  раёна заставаліся на акупаванай тэрыторыі роўна 3 гады да 3 ліпеня 1944 года.

Як жылося жыхарам акупаваных тэрыторый, што яны адчувалі, і пойдзе гаворка ў нашай рабоце. Разам з дарослымі мужчынамі змагаліся і хлапчукі. Ваявалі і мужна прымалі смерць, як сапраўдныя героі. Бо вайна – гэта справа мужчын. Але мы даследавалі ўспаміны толькі дзяўчат. Бо жанчына ўспрымае любыя падзеі па-іншаму, не так, як мужчына. Жанчына жыве пачуццямі, успрымае сэрцам, а не розумам.

         Гэта праца прысвечана будучым пакаленням дзяўчынак, бо жанчына -  гэта і  сястра, і жонка, і сяброўка, і дачушка, і самае высокае – маці. Ні адна з жанчын не захацела б развязаць вайны, калі б была на гэта яе воля,  не адпусціла б ваяваць ні мужа, ні сына. Жанчына дае жыццё, жанчына аберагае жыццё, жанчына і жыццё – сінонімы. У час Вялікай Айчыннай вайны жанчынам прыйшлося не толькі зберагаць свой хатні ачаг, гадаваць дзяцей, верна чакаць мужоў і сыноў з вайны, працаваць, не пакладаючы сіл, дзеля Перамогі, але і змагацца супраць ворага нароўні з мужчынамі.

         Актуальнасць тэмы. Напрыканцы 70-годдзя Перамогі засталося нямнога тых, хто ўсё зрабіў дзеля гэтага дня.  Успаміны іх занатаваны многімі аўтарамі. Тым дзяўчынкам, якія памятаюць вайну, зараз ужо па 80 – 90 гадоў. Гэта ўжо сталыя жанчыны, якія пражылі рознае, кожная сваё жыццё, але іх аб’ядноўвае адно – вайна. Многія іх равесніцы пайшлі ўжо з жыцця. Нам бы яшчэ паспець паглядзець на іх, пачуць іх і запісаць успаміны. Многае сцёрлася з памяці, але самыя жахлівыя перыяды свайго жыцця яны памятаюць. Вельмі цяжка забыць такое. Калі нас пытаюць, што мы рабілі некалькі дзён назад, мы можам і не ўспомніць. Бо нашы дні падобны адзін да аднаго, і калі не здараецца нешта незвычайнае, то мы забываемся. Якія ж падзеі ім прыйшлося перажыць, што яны да гэтага часу помняць? Ніякія асаблівасці памяці не даюць забыць тыя гады.

         Аб’ект даследавання: жыццё дзяўчынак-падлеткаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупаванай тэрыторыі навакольных вёсак аг. Любушаны Пагосцкага сельскага Савета Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці.

         Прадмет даследавання: успаміны сведкаў ваеннага ліхалецця.

       Галоўная мэта нашай работы – занатаваць успаміны дзяўчынак- сведкаў падзей Вялікай Айчыннай вайны для будучых пакаленняў.

Задачы: 1. Сабраць і дасканала вывучыць дакументальную літаратуру пра Вялікую Айчынную вайну і жыццё мірных жыхароў на акупаванай тэрыторыі.

  1. Скласці спісы жыхарак навакольных вёсак аг. Любушаны Пагосцкага сельскага Савета ад 1935 года нараджэння і старэй.
  2. Скласці анкеты-апытальнікі для жанчын нашай мясцовасці, дзяцінства якіх прыйшлося на гады Вялікай Айчыннай вайны.
  3. Сустрэцца з прадстаўнікамі пакалення, дзяцінства якіх было апалена вайной, і занатаваць іх успаміны.
  4. Прааналізаваць сабраныя матэрыялы і зрабіць адпаведныя высновы.

         Для гэтага мы больш глыбока пазнаёміліся з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, зрабілі агляд літаратуры па тэме. Найбольшую дапамогу для напісання работы нам аказалі кнігі: “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа”, “Памяць: Бярэзінскі раён”, “Памяць Беларусі: Рэспубліканская кніга”.

У Святланы Алексіевіч ёсць дакументальная аповесць “У вайны не жаночае аблічча”, дзе занатаваны ўспаміны жанчын - сведкаў ваеннага ліхалецця. Нам таксама захацелася стварыць сваю “дакументальную аповесць”, запісаць успаміны  жанчын нашай мясцовасці, якія ў вайну былі дзяўчаткамі-падлеткамі. Распрацавалі анкету-апытальнік, склалі спіс жанчын  ад 1935 года нараджэння і больш, якія пражываюць у вёсках Любушаны, Быковічы, Калінаўка, Дулебы, Заброддзе, Несцяроўка, Уюноўка, Карбаўское, Рубеж і пачалі сваю работу.

Цікавыя, незвычайныя субяседнікі. Усім ім характэрна адна якасць, якая зараз у “дэфіцыце,”- дабрыня. Яна адчуваецца ў рухах, у словах ,у поглядах. Зінаіда Шмарлоўская гаворыць, што душа ў яе засталася маладой. І як часам нам не хапае аптымізму ў жыцці, душэўнай раўнавагі! Адкуль гэта ёсць у людзей, што бачылі жахі вайны? І сугучна музычным клавішам гучаць іх споведзі пра тое, што вайна “закаліла”, навучыла любіць і цаніць імгненні хуткаплыннага жыцця. Кожны раз, сустракаючыся з нашымі героямі, атрымліваеш такі зарад бадзёрасці, што цяжка перадаць словамі. Гэта трэба адчуць, “прапусціць” праз сябе.

Успаміны сведак ваеннага ліхалецця былі яркімі, незабыўнымі, у іх гучаў боль і смутак. Дзеці рана сталі дарослымі, іх дзяцінства было апалена вайной. Ва ўсіх іх успамінах гучыць антываенны пафас і заклік берагчы мір.

 

 

1. Партызанскі хлеб

(успаміны Цэдрык (Яскевіч) Лідзіі Якаўлеўны – 1934 г.н., в. Дулебы)

Сярод лесу стаяла невялічкая вёска Ягадка. Ішоў 1944 год… Хаця яшчэ было вельмі рана, але з коміна хаты, што стаяла ў цэнтры вёскі, ішоў дым. У хаце, ля печы, шчыра завіхалася мая матуля. Адно за адным ставіла ў печ: хлеб, бульбу і г.д. Праз некаторы час па хаце пайшоў духмяны пах. З-за печы, з палацяў, пачуўся галасок майго браціка Валодзі: “Матуля, матулечка, што ўжо есці? – Не, не, спі яшчэ, сынку, а то ўсіх разбудзіш”.

         Нас у мамы было дзявяцера, але сястрычка мая старэйшая памерла, мама гаварыла, што сэрца, хто яго ведае, адным словам: “Вайна!”

         Гэты хлеб, які яна пякла, прызначаўся для партызан. Яны павінны былі прыйсці ў гэту ноч. Але здарылася бяда. Немцы наляцелі раптоўна. Мы ўсе кінуліся з хаты, хто куды. Мы з братам Юзікам дабеглі да ўзлеска і там прыпыніліся пачакаць матулю. А яе ўсё няма і няма, тады брат залез на дрэва і адтуль як закрычыць: “Глядзі, Лідка, мамка наша пеўня нейкага чырвонага чагосьці нясе” Не ведалі мы, малыя, што, як наехалі немцы, яна засталася дома, каб дастаць партызанскі хлеб з печы. Пакідала яго хутка ў мех, ды на плечы і за намі ў лес. Немцы яе заўважылі і пачалі страляць. Разрыўная куля трапіла ў руку. І тое, што бачыў мой брат Юзік, быў не певень, а кроў, якая лілася па рукаве. Дайшлі мы да партызан, дзе яе перавязалі, але яна страціла шмат крыві, ды і рука была перабіта. А тут савецкія войскі нас вызвалілі, маму паклалі ў шпіталь, руку не ўдалося выратаваць, адрэзалі яе аж да самага пляча.

         Пачалося новае жыццё, пасляваеннае, мужчын не хапала. І мая матуля адной рукой навучылася рабіць усю работу: і жаночую, і мужчынскую,  бо нас дзяцей, патрэбна было падымаць на ногі. Вельмі страшна, калі мірныя жыхары становяцца калекамі…

2. У кожнага было сваё гора

(Успаміны Яблонскай Эміліі Іосіфаўны – 1928 г.н., в. Любушаны)

            

Я была другім дзіцем у сям’і Лявіцкага Іосіфа Антонавіча і Лявіцкай Лідзіі Сцяпанаўны. Нарадзілася на каталіцкае Ражаство ў далёкім 1928 годзе. Да вайны ў нашай сям’і было пяцёра дзяцей: старэйшая сястра Фаіна, брат Ясь, малодшыя сёстры Франя і Соня. Жылі мы ў вёсцы Заклеўе Пагосцкага сельскага Савета.

         Калі пачалася вайна, маці ездзіла наша да брата ў Барысаў на параходзе. У горадзе былі гудкі, выступленні па радыё аб тым, што пачалася вайна. Бацьку забралі ўначы, мы нават не ведалі. Назбіралі суніц у гэты дзень, у хаце пахла суніцамі. А бабуля плакала.

         На трэці дзень бацька з вясковымі мужчынамі вярнуўся з Якшыц, іх не паспелі мабілізаваць. Бацька быў дома да мая 1944 года. Пасля трапіў на перадавую. Загінуў 21 студзеня 1945 года на тэрыторыі Польшчы.

         На сёмы дзень вайны немцы ехалі з шашы на конях, пастаялі ля калодзежа, папілі вады, і абоз паехаў на Быковічы.

         Усе парабілі бліндажы: капалі ямкі і закрывалі зялёным бярэзнікам. Хаваліся ў іх, а ўночы вярталіся дадому. Бывае, што хаваліся ў лесе. Маленькая сястрычка Соня дужа плакала, таму што балюча кусаліся камары. Часта па шашы бамбілі самалёты. У вёсцы нікога не забіла. Бою тут не было.

         Немцы прыязджалі. Заходзілі ў хату і гаварылі: “Матка, брод, эер, матка, шпік”. Бабуля паказвала, што дзеці малыя, што няма чаго. Калі быў хлеб, то немцы забіралі. Хадзілі па ўсіх хатах. Прыязджалі разы два на тыдзень, бо ў Пагосце быў гарнізон. На пачатку вайны немцы, быў выпадак, нават частавалі дзяцей цукеркамі, такімі кругленькімі, як вітаміны.

         У Заклеўі немцы забілі двух братоў Колесняў. Уначы восенню паліцаі вярталіся з Быковіч. У хаце гарэла святло, і немцы іх пабілі. Мы не чулі гэтага, бо жылі ад іх далёка. Братоў пахавалі ў адной дамавіне.

         У кожнага было сваё гора. Сеялі зямлю, палолі лён, рвалі, капалі бульбу, вязалі наскі, рукавіцы, бо трэба было надзецца.

         Доктара не было ніякага. Маладыя дзяўчаты хварэлі на тыф, трызнілі. Татаронкавы Вера і Таня ляжалі покатам, але не памерлі.

         К канцу вайны ўжо нічога не было: ні курэй, ні коней, ні свіней. Ва ўсіх засталася толькі адна бульба, бо не было чым яе пасадзіць. Бульбу абіралі, сушылі, таўклі, дралі на крухмал.

         Немцаў прагналі, было ціха. Чакалі пісьмаў з фронту. Кожны месяц прыходзілі лісты ад бацькі. Маці складала іх у яшчычак. Пахавальную прынёс паштальён, дзе забіты бацька і ў якой вобласці. Пахаваны ў брацкай магіле. Вайна была. Хай бог не дае.

         У сорак другім нарадзілася сястра Оля, а ў студзені сорак чацвёртага – малодшы брат Сцёпка. Бацьку ён не памятае, бо было яму чатыры месяцы, калі бацька пайшоў на вайну. У маёй памяці застаўся бацька маладым, працавітым. Да вайны ён быў брыгадзірам, быў граматны. Не пабачыў сваіх унукаў, не благаславіў дзяцей, але назаўсёды застаўся ў нашых сэрцах. Ёсць жаданне пабачыць брацкую магілу, дзе пахаваны бацька, пакласці кветкі. Не дай, Божа, бачыць вайны…

3. …А мне, як мову адняло…

(Успаміны Маркоўскай (Кавалёнак) Надзеі Ягораўны – 1925 г.н.,

 в. Любушаны)

Мой брат Фёдар уцёк з палону і пайшоў у партызаны. Жылі мы ў вёсцы Міластава, хтосьці з вяскоўцаў прадаў нас немцам, сказаў, што брат у партызанах. Праз  гэта і татку майго загубілі… Наехалі аднаго разу, доўга білі бацьку, пытаючыся, дзе брат, калі прыйдзе зноў. Забілі да смерці. (Доўга маўчыць, а потым плача, выціраючы хусцінкай слёзы, гаворыць далей).       

         Пасля гэтага засталася я з малодшымі братамі адна, гадоў семнацць мне было, яшчэ дзяўчо неразумнае. Баялася вельмі, як пачую, што немцы, хавалася ўсюды.

         Але аднойчы наляцеў на вёску карацельны атрад з паліцаямі. І я не паспела ўцячы. Зайшлі яны ў хату, пытаюць, дзе брат, калі прыйдзе дадому. А я маўчу, мне, як быццам мову адняло, не магу гаварыць і ўсё тут. Павыбівалі яны ўсе вокны ў хаце. Крычаць, а я маўчу. Старэйшы іх афіцэр да мяне ды давай па твары біць. Паліцай знаёмы адабраў дакументы нямецкія. “Адзявайся, - гаворыць, - паедзеш з намі”. Вось мяне тут толькі крыху і адпусціла, я яму і кажу: “У мяне адзежы няма”. Паліцай пабег з хаты, а немец застаўся, ды паказвае мне, каб я прайшлася па хаце ды падняла сукенку. А я баюся, дык ён мне таўкачом, ды вось сюды па назе (паказвае). А потым і ён пайшоў з хаты. Засталася я адна, і тут мне так светла стала, так добра, ні страху, анічога. Я кінулася ў другую хату, праз пабітае вакно выбегла на вуліцу. Да лесу недалёка, але трэба бегчы па жыту, дык я думаю: тут мяне будуць шукаць у першую чаргу, у другі бок вуліца – заўважаць. І я кінулася ў суседскі двор, а там на гумно, наверсе ляжалі снапы, я ў іх правалілася і стаілася там, ведала адну малітвачку і яе ціхенька шаптала. Тут чую, што яны па жыце пабеглі, а потым ў двор да гаспадыні, дзе я схавалася, білі яе, пыталіся, дзе я, цётка Наста мне гэта потым расказвала. А потым і ў гумно прыйшлі, наверх залазілі, шукалі мяне. Але, мабыць, мне малітвачка дапамагла, не знайшлі. А немцы гвалт паднялі: – Алюрт, алюрт! Партызанка ўцякла!

         Потым увесь час хавалася. Пасля вайны жыла з братамі, працавала цяжка. Брат Федзя жывы застаўся, вывучыўся, у  Смаргоні міліцыянерам працаваў. А ўжо нікога і няма з іх – паўміралі. Такое гора было, не дай Бог перажыць каму-небудзь.

4. А не ведаю, хто гэта, спужалася вельмі…

(Успаміны Цэдрык Ганны Фамінічны- 1926 г.н., в. Любушаны)

Вёска наша Дашніца невялікая, усяго 15 двароў было напярэдадні вайны. Бацька мой памёр якраз на пачатку вайны.

         Наехалі немцы, а мы ў лесе пахаваліся на балоце. Немцы таксама па лесе разышліся. А ў мяне вельмі балеў палец, нарваў. Сяджу пад кустамі, плачу. Немцы ўбачылі мяне, падбеглі і давай крычаць: “Ком цу мір. Дзе матка? Ком, ком, да маткі.”  А я гляджу на іх і не ведаю, хто гэта, спужалася вельмі. Дык яны тады шомпалам мне па плячах, я ўсхапілася і, плачучы, пабегла дамоў. Мне хоць і было 15 гадоў, але мы былі нейкія зусім малыя, дурненькія, вось цяпер дзеці разумныя, граматныя.

         … Пасля вайны вельмі цяжка жылося, плуг цягалі на сваіх плячах, працавалі цяжка, гаравалі дужа, а яшчэ памятаю, вельмі есці хацелася. Гора было, што гаварыць, і няеўшы былі, і раздзетыя, не было чаго адзяваць, партызаны забралі апошнюю світку. 

 

5. … Солі не было…

(Успаміны Цэдрык (Калбаска) Марыі Карнееўны – 1929 г.н., в. Любушаны)

 

  

Незадоўга да вайны памерла мая маці і прыехала  я жыць да сястры, глядзела яе дзяцей.

         Памятаю, што амаль усю вайну хаваліся ў лесе, на балоце: будавалі шалашы. Баяліся, каб ў Германію не пагналі, у Несцяроўцы забралі 11 чалавек, ніхто не вярнуўся, толькі адна жанчына.

         Усё сеялі самі, пяклі хлеб, кароў і свіней забралі немцы  і партызаны. Вось солі не было, дык мы яе мянялі ў немцаў на крухмал (дзёрлі бульбу і рабілі крухмал), хадзілі ў Пагост, там гарнізон быў. Немцы забіралі крухмал, а нам давалі солі. А партызаны і соль забіралі.

         Памятаю, як першы раз немцаў убачыла: гулялі мы з дзецьмі на вуліцы, а тут немцы на матацыклах прыехалі, ды к Піліпу ў двор, курэй лавіць. Мы папужаліся, але дамоў не пабеглі, цікаўна нам было, стаялі і глядзелі.

          Пасля вайны цяжка было, хлеба не было, плюшкі збіралі вясной (бульба мёрзлая, якая засталася пасля восені).

6. Чаму авечку аддалі партызанам?

(Успаміны Шык (Смаргун) Зінаіды Логвінаўны – 1931 г.н.,

 в. Калінаўка)

Наша вёска Калінаўка якраз у самым лесе стаіць. Гэта добра было, бо помню: амаль усю вайну ў лесе прасядзелі, хаваліся.

         Аднойчы прыехалі немцы к нам, браты на печы пахаваліся, а бацьку забралі ў Дулебы, там гарнізон іх быў. Білі яго там ды ўсё пыталіся: “Чаму авечку аддалі партызанам?”. Тата кажа, што партызаны самі забралі. Не ведаю, ці паверылі яму, але яго адпусцілі. А з ім яшчэ мужчыну з нашай вёскі забіралі ды сям’ю з Рубяжа: бацьку, маці і хлопчыка малога; мужчыну адпусцілі, а сям’ю забілі, а ў хлопчыка, тата гаварыў, былі пальчыкі рук перабіты.

         Днём немцы, а ноччу партызаны, дужа баяліся, як партызаны прыходзілі.

         Як немцы адступалі, дык мы ў лесе хаваліся: толькі прыселі ў адным месцы, а тата гаворыць: “Пайшлі далей”. Толькі мы адышлі, а на тое месца, дзе мы былі, патрапіў снарад. Нашы “Кацюшы” стралялі, у вёсцы дзве хаты спалілі.

         Пасля вайны адзежы не было. Мама пашыла сукенку нейкую зрэбную, і ўсё.

7. Быў загад усю вёску спаліць

(Успаміны Краўцовай Таццяны Фёдараўны – 1927 г.н., в. Любушаны)

Баяліся ўсіх, днём немцаў і паліцаяў, а ноччу партызанаў. Карову нашу забралі немцы, была свіння, яна апарасілася, дык партызаны не пажалелі парасятак, забралі яе, а парасяткі здохлі, ведама - маленькія.

         Наехала немцаў, давай мельніцу разбіваць і паліць ( у нас у вёсцы Болін, што на Краснапольшчыне, мельніца была, паравоз яе круціў), а мы хутчэй з вёскі ўцякаць. Не ведаю, куды бацька, браты і сёстры пабеглі, а я пабегла ў суседнюю вёску Чэрня, адтуль нас выгналі, пабаяліся немцаў, дык я да дзядзькі, што жыў у Старой Будзе, а гэта 5 км лесам. Што рабіць, пабегла я туды. Прыбегла ды кажу дзядзьку, што вёску спалілі, мабыць, і тату, і ўсіх. Дзядзька кажа: “Ну што ж, жыві ў нас”. А сам хуценька сабраўся і пабег да нас у вёску. На самай справе ўсе мае засталіся жывыя. Спалілі толькі мельніцу, дзіцячы сад, школу ды бабу Матруну. Але быў загад спаліць нашу вёску. Не спалілі таму, што самы галоўны паліцай быў з нашай вёскі.

         А якая наша вёска прыгожая была! Нідзе такой не было. Калісьці тут панскі маёнтак быў. Кругом алеі, дрэвы розныя, бэзу шмат…

         Пасля вызвалення нашай вёскі рыла акопы пад Слаўгарадам. Норма была 7 м пагонных, і ўвесь акоп вышэй росту чалавека, а яшчэ патрэбна было ячэйку зрабіць для кулямёта ці аўтамата. І гэтак кожны дзень. Цяжка было, карані дрэў, але мы заўсёды норму выконвалі. Калі ўжо закончылася аперацыя пад Слаўгарадам і мы ішлі дамоў праз мястэчка, праходзілі праз могілкі, а там дзіва – зямлі няма, кругом грабы відны.

         Пасля вызвалення Беларусі ад калгаса накіравалі мяне і іншых дзяўчат на торфараспрацоўкі ў Гомель. Былі там дзяўчаты, якія з палону германскага вярнуліся, дык іх на торфараспрацоўкі як  на пакаранне. Вось які час быў. У Дзень Перамогі нас усіх сабралі і аб’явілі гэты дзень выхадным.

          У мяне дзве вайны было: Вялікая Айчынная і Чарнобыльская. Выселілі нас з вёскі, а ў ёй усё драўлянае згарнулі і спалілі. Не ўбачу ўжо ніколі хату сваю (плача).

8. Старыя немцы моцна здзекаваліся з рускіх…

(Успаміны Няхай Марыі Лук’янаўны – 1922 г.н., в. Любушаны)

Няхай Марыя Лук’янаўна (17.08.1922) – другая справа

22 чэрвеня 1941 года быў выпускны баль, я закончыла 10 класаў з адзнакай. А раніцай аб’явілі – вайна.

         У сям’і нас было шасцёра: 3 хлопчыкі і 3 дзяўчынкі. У час вайны знаходзілася з бацькамі дома ў вёсцы. 17 красавіка 1942 года немцы разам з паліцаямі расстралялі маіх бацькоў. А я ў той час была ў брата ў

г.п. Беразіно. Брат быў сувязным у партызан. Увесь час за мной назіраў, не адпускаў ад сябе нікуды, бо мяне шукалі немцы. Але не збярог.

         15 сакавіка 1944 года гестапаўцы мяне арыштавалі. Спачатку пасадзілі ў турму, дзе білі плёткамі і здзекаваліся, я выжыла, была моцная. За гэта яны выслалі мяне ў Германію. У Германіі працавала на заводзе, у цаху падбірала металічныя стружкі. Старыя немцы моцна здзекаваліся з рускіх за тое, што іх сыны гінулі ў Расіі. Харчаваліся мы хлебам, быў зусім маленькі кавалачак. Іншы раз давалі паштэт з чарвямі.

         Вызвалілі нас амерыканскія салдаты, адзеты яны былі ў берэты, светлыя курткі, штаны зялёныя, гетры і бацінкі. Я была такая знясіленая, што не магла ісці, да салдат папаўзла на каленях. Нас адвезлі ў штаб. Там памылі і накармілі. Потым мы раз’ехаліся па дамах.

         Пасля вайны вучылася, пайшла працаваць у школу настаўніцай.

9. Жылі вялікімі сем’ямі…

(Успаміны Волкавай Ганны Іванаўны – 1922 г.н., в. Любушаны)

Да вайны я з бацькамі жыла ў в. Навасёлкі Мсціслаўскага раёна, у сям’і было чацвёра дзяцей. Бацька не ваяваў, па хваробе не прызвалі.

          Наша вёска стаяла сярод поля, вакол не было лясоў. Партызанаў паблізу таксама не было. Жылі ціха. Сеялі хлеб, гадавалі жывёлу.

         Галоўная патрэба была ў спічках і солі. Іх можна было дастаць толькі ў немцаў, якія мянялі іх на яйкі, малако і на іншыя прадукты харчавання.

          Хату нашу немцы спалілі пры адступленні. Дык мы перабраліся да бацькава брата і сталі жыць разам з яго сям’ёй. Многія хаты спалілі, дык людзі перасяляліся да родных, знаёмых, так і жылі вялікімі сем’ямі па 15-20 чалавек у хаце. Сярод перасяленцаў шмат было хворых на каросту і вошы. Вясковыя жыхары былі вельмі спалоханыя гэтым. Многія паўміралі.

         Пасля вайны закончыла Мсціслаўскае педагагічнае вучылішча. Вучыцца было вельмі цяжка, сшыткаў наогул не было, пісалі на старых кніжках, газетах, на ўсім, на чым толькі можна. 

10. …Моцна трашчалі кулямёты і рваліся снарады…

(Успаміны Сіняк Кацярыны Трафімаўны -1935 г. н., в. Быковічы)

Калі пачалася вайна, мне не было яшчэ і шасці гадоў. Але я добра памятаю гэтую навалу. З маіх родных ніхто не ваяваў, але наша сям’я, як і ўсе іншыя вяскоўцы, таксама нацярпелася жаху.

Хачу расказаць пра адзін бой, які адбыўся ў нашай вёсцы, каля нашай хаты. Наша хата была апошняя ў вёсцы Быковічы, за хлевам адразу пачыналася поле, а за ім лес. Я не памятаю, у якім годзе гэта было, можа, ў 41-м, а можа, і ў 42-м, але добра памятаю, што ў канцы лета, таму што жалі авёс. Партызаны даведаліся, што праз вёску будуць ісці немцы і вырашылі іх разбіць. Як пачаўся бой, я ўжо добра і не памятаю, але помню, што моцна трашчалі кулямёты і рваліся снарады. Спачатку маці пасадзіла нас, мяне, браціка і сястрычку, на падлогу. А потым асколак снарада нас ледзьве не забіў: застраў у некалькіх сантыметрах у падлозе. Тады маці разам з намі перабралася ў грады. Бой ішоў увесь дзень, мы нават паснулі на вуліцы і так засталіся да раніцы.

Раніцай на нашым двары маці знайшла два нямецкія трупы, насупраць хаты дзве згарэўшыя  нямецкія машыны, спалохалася, што могуць вярнуцца немцы і пастраляць нас. Таму адправіла нас з бабуляй у лес хавацца, а сама засталася дома. Потым і сама прыйшла да нас. Перачакалі мы суткі і вярнуліся дадому. Хата наша стаяла цэлая, але ў хаце было ўсё перавернута ўверх дном, забрадзены вопратка, посцілкі, хатнія рэчы. Але мы радаваліся, што хоць хату не спалілі, ёсць дзе жыць. А страх усё ж не пакідаў, таму яшчэ з тыдзень мы жылі ў цёткі, якая таксама была ў нашай вёсцы. Гэта толькі адзін эпізод з таго, што давялося перажыць нам.

11. Здарожыўся і заснуў

 (Успаміны Галузы Марыі Рыгораўны - 1927 г. н., в. Быковічы)

Калі пачалася вайна, я, можна сказаць, была ўжо дарослая. Добра ўсё памятала і разумела. Гэта цяпер старая стала, многае забываецца. Але адзін выпадак памятаю і сёння.

Не скажу ўжо, у якім годзе гэта было, але ведаю, што пачалі ўжо ваяваць з немцамі і партызаны. І вось адзін такі партызан ішоў наведаць сваіх родных. Зайшоў у нашу хату, каб адпачыць і падсілкавацца. Дома я была адна, таму добра выканала ролю гаспадыні. Партызан быў такі стомлены, што заснуў. Я выйшла на вуліцу, каб паглядзець, ці няма немцаў. І тут пачула гул матацыклаў. Я хуценька прыбегла ў хату, схавала вінтоўку ў комін, а партызана накрыла матрацам, сама села на матрац, а яму загадала ляжаць ціхенька. Не ведаю, можа, Бог ёсць на свеце, а можа, яшчэ што, але немцы толькі заглянулі ў хату, нідзе не хадзілі, развярнуліся і паехалі. Калі ўсё сціхла, партызан забраў вінтоўку, падзякаваў мне і пайшоў. Я ўжо пасля, калі стала зусім дарослай, зразумела, якая небяспека мяне падпільноўвала. Мне і цяпер нават страшна падумаць аб тым, што было б, каб немцы пачалі шукаць партызана.

12. Думалі, што яўрэйка

(Успаміны Колесень Аляксандры Міхайлаўны - 1941 г. н.(са слоў маці Абазовік Ульяны Фёдараўны 1910 г. н., в. Быковічы)

Абазовік Ульяна Фёдараўна

Мне, калі пачалася вайна, было ўсяго два месяцы, але мая маці перажыла ўсё гэта і расказвала нам, дзецям. Нас было ў мамы трое: старэйшы брат, сястра і я. Бацьку напярэдадні вайны забралі на зборы, і, як мы пасля даведаліся, ён загінуў у першыя дні вайны. Мы потым атрымалі пахаронку. Таму маці вельмі хапіла з намі пад час вайны. Усю працу, і мужчынскую, і жаночую, мама рабіла адна, а каб мы не памерлі з голаду, старалася дастаць якой-небудзь ежы. І вось аднойчы яна ледзьве не паплацілася за гэта жыццём.

         Пайшла яна ў Пагост, я ўжо не памятаю за чым, можа, за соллю. А там размяшчаўся нямецкі гарнізон. Маці мая была чорнавалосая, з карымі вачыма. Калі яна ўжо вярталася дадому, яе супынілі немцы, сталі казаць, што яна яўрэйка і яе трэба расстраляць. (Разам быў перакладчык, які пераклаў іх словы). Мама стала прасіцца, што яна руская, што ў яе дома засталіся малыя дзеці, на каго ж яна іх пакіне. Але немцы і слухаць не хацелі. Павялі яе да камендатуры, і яна ўжо развітвалася і з жыццём, і з намі. Калі ж маму прывялі да камендатуры, то там аказаўся знаёмы паліцай, які жыў у суседняй вёсцы. Ён сказаў немцам, што яна не яўрэйка, а руская, жыве ў Быковічах. Немцы паверылі і адпусцілі маму. Прыйшла яна дадому і горка плакала, абняўшы нас. Што б гэта з намі было, каб яшчэ і маці не стала?

 

13. Усе мае браты былі партызанамі

(Успаміны Цялюк Марыі Пахомаўны – 1930 г.н., в. Быковічы)

Мой бацька быў партызанам, яго забілі немцы. Амаль усе мае старэйшыя браты былі партызанамі. Брат Коля ішоў з лесу дамоў, партызаніў таксама. Па дарозе сустрэў хлопцаў з Пагоста, сказалі, што партызаны. Ён ім паверыў, а дагэтуль іх ніколі не бачыў. Разгаварыліся, і сам знянацку, ведама малады быў, хацеў пахваліцца перад іншымі хлопцамі, расказаў, што быў нядаўна на заданні, а зараз вось ідзе дадому праведаць сям’ю. А гэта былі пераадзетыя паліцаі. Схапілі яго, калі выйшлі з лесу, кінуўся Коля наўцёкі. Але яго застрэлілі. З-за свайго даверу пацярпеў.

         А нашу сям’ю, як партызанскую, ледзь не расстралялі. Але калісьці, у дзяцінстве, тата сябраваў з хлопцам, які ў гады вайны стаў паліцаем. Вось ён нас і пашкадаваў. Засталося нешта чалавечае і ў яго.

14. Кіеў бамбілі, пасля аб’явілі…!

(Успаміны Цэдрык Марыі Савельеўны – 1926 г. н., в. Дулебы)

Мне было 15 гадоў, калі ў нашу вёску Дулебы прыйшлі немцы. Я была ў гэты момант у хаце. На вуліцы пачуліся крыкі “Немцы едуць!”. Яны заходзілі ў хаты, бралі тое, што ім пажадаецца. Потым прыязджалі, расстрэльвалі ўсіх. Усе, хто змог, пабеглі ў лес.

Я пабегла да рэчкі, добра, што ў той час была зіма. На мне была надзета белая касынка. Я ў яе ўхуталася і лягла для таго, каб немцы з самалётаў мяне не змаглі заўважыць. Самалёты яшчэ крыху пакружылі і паляцелі. Я хутчэй пабегла ў лес.

         Днём мы хаваліся то на балоце, то ў лесе, калі і на лузе, каб нас не змаглі знайсці немцы. А ўжо ўвечары ішлі дахаты.

         Зімой нам не было ў чым хадзіць, дык мы плялі сабе лапці. Праўда, яны хутка рваліся, прыходзілася плесці вельмі часта.

         Усёй вёскай дапамагалі партызанам, давалі ім ежу. Аднойчы мы даведаліся аб тым, што партызаны прыйшлі ў Падосава ад нейкай жанчыны. Яна прыбегла за намі ў лес і пачала крычаць, што партызаны ўжо там. Але ёй ніхто не верыў, думалі, што гэта яе прыслалі немцы, каб нас выманіць з лесу, а потым забіць. Пасля мы даведаліся, што гэта жанчына гаварыла праўду. Ва ўсіх было вельмі многа радасці, нам партызаны дарылі падарункі.

 

15. У Пагост за соллю

(Успаміны Шмарлоўскай Кацярыны Аляксееўны- 08.03.1932 г. н.,  в. Дулебы)

Мне было 9 гадоў, калі прыйшлі немцы. Яны былі на матацыклах. Уся вёска пачала радавацца, усе думалі, што з нямецкай уладай будзе лепшае жыццё. Але з цягам часу немцы пачалі забіваць людзей, адбіралі ў іх ежу. Павялі за вёску на расстрэл. Хто змог збегчы, той хаваўся ў лесе.

         Аднойчы мяне мама адправіла ў Пагост за соллю. Пайшла я не адна, а са сваімі аднавяскоўцамі. Калі мы прыйшлі туды, то ўбачылі, што немцы ахапілі ўжо ўсю тэрыторыю. Нам далі соль, і мы пайшлі назад. На выхадзе з Пагоста ў нас правяралі дакументы. У мяне іх не было. З немцамі быў пераводчык. Яны мяне схапілі і кудысьці хацелі павесці, але на кані ехаў нейкі дзед. Ён папрасіў немцаў, каб мяне адпусцілі. Нарэшце яны адпусцілі. Я хутчэй пабегла дадому. Мама ўжо пачала хвалявацца, падышла да лесу і чакала мяне там. Яна падумала, што мяне забілі. І калі мяне мама ўбачыла, то падбегла да мяне хуценька і пачала абдымаць і цалаваць. Потым мы з мамай вярнуліся дадому.

          Памагалі партызанам, пяклі для іх хлеб, давалі ім бульбу.

  Я са сваімі аднавяскоўцамі даведалася аб заканчэнні вайны ад жанчыны, якая прыбегла ў лес к нам і сказала, што партызаны ўжо ў Падосаве.

         Пасля заканчэння вайны вучылася ў школе, работала ў калгасе. Узнагарод не маю.         

16. …Хату зрыкашэцілі ўсю…

(Успаміны Цэдрык (Бурай) Соф’і Піменаўны  – 1928 г.н., в. Дулебы)

          

Цэдрык (Бурая) Соф’я Піменаўна (01.06.1928) – першая злева

Цэдрык Лізавета Сямёнаўна (01.08.1930) – першая справа

То немцы ў вёску наедуць, то партызаны. Як немцы ў вёску, дык мы ў лес. Тата лапак наламае, агонь запаліць, так усю ноч ля кастра і прасядзім. Страшна, холадна.

         Жылі ў лазе, наводшыбе ад вёскі, каля самага лесу. А немцы, як наязджалі, сяліліся на калгасным двары: тут канюшня і кароўнік былі пабудаваны перад самай вайной. Вось аднойчы наехалі немцы, а было гэта пад зіму, снег церушыў увесь час. Мы былі ў хаце, мабыць, у вёсцы былі партызаны, і вось, уцякаючы ў лес праз нашу хату, хтосьці з іх стрэліў. Немцы падумалі, што страляюць з нашай хаты, ды і давай па ёй страляць, зрыкашэцілі ўсю, усе сцены. А мы ў хаце паднялі дошкі з полу і леглі пад іх. Так і засталіся жывымі. А назаўтра раніцай ацапілі нашу хату немцы, кругом хадзілі, шукалі партызан. Выратавала нас тое, што кругом хаты ні аднаго следу не было. Сняжок цэлую ноч церушыў, і каб хтосьці выйшаў з хаты, было б відаць.       

17. Не магла фільмы пра вайну глядзець

(Успаміны Цэдрык Марыі Лазараўны  – 1931 г.н., в. Заброддзе)

Цэдрык Марыя Лазараўна (07.04.1931) – першая справа

Нас немцы з хаты выгналі, зрабілі там нямецкую кухню. А потым ужо, як адступалі, спалілі нашу хату. Вельмі страшна было. Баяліся ўсяго.

         Напрыканцы вайны хаваліся мы ў лесе, каля Падосава, у нізіне, там шмат людзей хавалася. Бацька наш Лазар з мужчынамі з вёскі сказаў, каб мы сядзелі ціха, а яны пойдуць паглядзець, дзе немцы. Я з мамай і сястрычкамі засталіся. А потым хтосьці з людзей прыбег у лес і сказаў, што “нашы” прыйшлі. Мы вярнуліся ў вёску, а бацькі няма і няма. Мы пайшлі ў лес, шукалі яго, гукалі, але так і не знайшлі. А потым нам наказалі, што знайшлі іх у лесе, перад вёскай. Паехалі мы з усёй сям’ёй за бацькам, а там салдаты нашы ацапілі кругом, нас не пускаюць. Але мы цераз поле, праз лес знайшлі іх. Перад смерцю дужа фашысты з іх здзекваліся: рукі павыкручвалі, цвікі ў ногі пазаганялі, глядзець страшна было. Так мы засталіся толькі з мамай.

         Маіх дзядулю Якава і бабулю Настассю таксама немцы забілі за тое, што іх сын, мой дзядзька Іван, быў у партызанах. Бабуля ўжо старэнькая была, і яе вельмі моцна збілі фашысты перад смерцю, дык на расстрэл яе закінулі на падводу і павезлі.

         Пасля вайны не магла фільмы пра вайну глядзець, як пачую, як немцы гергечуць, так страшна мне рабілася. Цяпер ужо нічога, прывыкла, забылася ўжо на вайну. 

18. Вельмі спужалася

(Успаміны Карэнькі Зінаіды Міхайлаўны – 1930 г.н., в. Любушаны)

Памятаю, як прыйшлі немцы. Мы з маёй сяброўкай Таняй гулялі разам з дзецьмі на вуліцы, а брат у гэты час пасвіў свіней. А тут немцы, мы пачалі ўцякаць не дамоў, а ў лубін, а брат сабраў свінеў ды гнаць іх дадому, як убачыў немцаў, пабег у кусты хавацца, немцы яго там і дагналі, але потым адпусцілі. Мяне, можа б, і не заўважылі, але я ад страху пачала крычаць: Мама! Тата!. Адзін з іх гаварыў па-руску, спытаў у мяне, чаго я ўцякала, а я адказала, што спужалася, яны мяне і адпусцілі.

         Увесь час як немцы наязджалі ў вёску мы з бацькамі хаваліся ў лесе. Карову нашу забралі партызаны, мы ім усю вайну пяклі хлеб.

         Вельмі мне ўрэзалася ў памяць як мы былі ў лесе і хтосьці падказаў немцам, дзе хаваліся людзі. Выгналі нас з лесу, гналі назад у вёску, як скацінку. Нас з мамай закрылі ў склеп, там ужо быў наш татка. А астатніх людзей закрылі ў Дуні (Несцяровіч Еўдакіі Кузьмінічны). А потым і нас туды павялі. Арыну доўга білі, а потым застрэлілі, бо яе сын быў у партызанах. Бацьку майго таксама вельмі моцна збілі. Нас ўтрох адпусцілі. А на лузе расстралялі аж 18 чалавек. Там яшчэ жанчыны былі тры з Уюноўкі, дзвюх расстралялі, а ў трэцяй пытаюцца, дзе твой муж, а яна ім – дома. Павезлі яе на Уюноўку, а дома мужа не было, яна ім, пачакайце, зараз прывяду, а сама у лес ды і ўцякла да мужа. А немцы чакалі, чакалі, ды не дачакаліся і спалілі іх хату.

         Вялікае гора ў нас было, загінуў мой брат. Пасля вайны пайшла ў школу, закончыла ўсяго тры класы.

19. Людзі плакалі і смяяліся

(Успаміны Антаненка /Ісаевай/ Евы Міхайлаўны – 1926 г. н., в. Любушаны)

Хаваліся ў акопах, зямлянках, а кругом рваліся снарады. Немцы ўсё забіралі: скот, ежу, а ноччу прыходзілі партызаны за ядой.

         Пасля вызвалення Чырвонай Арміяй раёна я пайшла працаваць на цагляны завод. Ад дому прыходзілася хадзіць пешшу 12 км. Аднойчы дырэктар завода сабраў усіх рабочых і аб’явіў, што закончылася вайна. Радасці не было канца, людзі плакалі і смяяліся.

20. Сэрца, апаленае вайной

(Успаміны Бурай /Шмарлоўскай/ Вольгі Емельянаўны – 1929 г.н., в. Дулебы, уражэнка в. Тоўсціца) 

         …Лета 1942 года. Усе жыхары з  вёскі Тоўсціца, і я з братам меншым і сястрой Хрысцінай, якой споўнілася 20 гадоў, прыбеглі ў Дулебы. Пахаваліся па хатах. Наляцелі карнікі на вёску. Усіх жыхароў сагналі ў двор Шмарлоўскага і сталі вызываць па спіску. Хто з Тоўсціцы,  тых у машыну, да ямы - на расстрэл. Маленькіх з мацеркамі і бацькамі расстралялі, а нас, такіх, як я і мой брат, мне было 11 гадоў, не кранулі. А сястру маю Хрысціну расстралялі (плача). І брата майго Андрэя, жонку Насцю з сыночкам Міхаілам таксама, усяго шэсць месяцаў яму было. Як немец наган паднёс, дык ён думаў, што цацка, ручкамі кратаў, гуляць хацеў.

         А яшчэ добра памятаю, як Тарасевіча Есіпа з дачушкай трохгадовай забілі. Дзяўчынку хацелі забраць з яго рук. Білі яго прыкладамі, а ён як сцапіў рукі, а дачушку так і не выпусціў. Так і забілі іх разам. Тады аж 21 жыхара з в. Тоўсціца: і дарослых, і дзяцей пазабівалі і закапалі ў адной яме. Яма была шырокая, а зямля зверху магілкі яшчэ і назаўтра, як жывая была, дыхала.

         Пасля вайны дужа цяжка было. Мама напляце лапцей, мы ноччу збіраемся і ідзём у Беразіно, там на рынку потым цэлы дзень прадаём. Я да вайны 2 класы закончыла, пасля вайны яшчэ 5 класаў. Хацела вучыцца далей, але патрэбна было 8 клас скончыць, а школа сярэдняя  ў Пагосце, далёка, ды і грошай не было  кватэру здымаць. Так і засталася ў вёсцы Дулебы жыць. Замуж пайшла, працавала. Зараз на пенсіі, жыву з сынам.

21. Нас хацелі расстраляць

(Успаміны Цэдрык Таццяны Пятроўны, 1931 г.н. в. Дулебы)

Як пачалася вайна мне 8 гадоў было. На пачатку вайны немцы ў вёску на матацыклах прыехалі, нікога не чапалі, праехалі і назад. У Пагосце гарнізон нямецкі быў. З вёскі палова хлопцаў пайшло ў партызаны, палова ў паліцаі. Потым тых паліцаяў партызаны пастралялі.

         Бацька мой памёр перад вайной, засталіся мы з мамкай, пяцёра дзяцей. Мама потым замуж пайшла за суседа, яго жонка памерла.

         Схапілі немцы айчыма, мамку і нас, дзяцей, запёрлі ў стопку. Айчыма і мамку білі палкамі, хацелі нас усіх расстраляць. Мы ўжо ўсё разумелі, страшна было, жыць хацелася. А потым там паліцай знаёмы айчыма быў, нас адпусцілі, але гаспадарку ўсю забралі: конь быў, гусі, але не засталося нічога. Пасля тых здзекаў, пасля вайны мама нядоўга пражыла, хутка памерла.

         У  1944 годзе, як немцы адступалі з боку Мяжонкі, з Магілёўшчыны,  мы ў лесе хаваліся, каля Падосава. Немцы дужа пры адступленні лютавалі, каго сустракалі, усіх расстрэльвалі. Грабілі, заходзілі ў дамы, забіралі ўсё, а што не забіралі, мініравалі. Клалі губны гармонік, а пад яго міну. Многія ўзрываліся. А вёску пры адступленні амаль усю спалілі, толькі 8 хат засталося.

         Пасля вайны цяжка жылося. Коней не было. Як аралі, дык шэсць жанчын упрагалася ў плуг, а адна за плугам. Так і сеялі.

22. Маму забілі партызаны

(Успаміны Шаграй (Шмарлоўскай)  Зінаіды Савельеўны, 1927 г.н. в. Дулебы)

 

А я ўжо шмат чаго і не памятаю. Маму забілі партызаны, пайшла ў Баравіцу за соллю, зайшла ў хату да паліцая, а тут партызаны. Уварваліся ў хату, падумалі, што жонка паліцая, і застрэлілі. А потым гэту хату падпалілі. А я ўсю вайну дапамагала партызанам: пякла хлеб.

         Усю вайну вельмі хацелася есці. Аднойчы наварылі бульбу, потым у печ смажыць паставілі. А тут самалёты нямецкія наляцелі. Мы ў лес хавацца. Доўга хаваліся ў муравейніку, вялікі быў, а пасля нас стаў маленькі. Пакуль з лесу прыйшлі, усё астыла. Але галодныя былі, усё паелі.

         Як немцы адступалі, немцы бабулю маю забілі, выбегла з хаты за ўнукам, а тут яны. Так і застрэлілі. А ў хаце яшчэ жанчына была з дзіцем, яны схаваліся пад лаўкай, дык яны засталіся жывыя.

         Пасля вайны ў школу не хадзіла. Пайшла працаваць у паляводства.

23. Французы пабілі ўсіх курэй

(Успаміны Бурай (Несцяровіч)  Аляксандры Кірынаўны,

05.01.1936 г.н. в. Дулебы)

Жылі мы на той час у вёсцы Падосава, усяго восем хат было. У немцаў вёска нідзе не значылася, бо перад вайной яе жыхароў і саму вёску пачалі высяляць ў Дулебы, але не паспелі, а, відаць, усёды значылася, што вёскі такой не існуе.

         Як пачалася вайна, не помню, помню, што перад вайной дзядзьку Несцяровіча Івана Адамавіча, таткавага брата, забралі ў армію, дзе ён і прапаў без звестак.

         У час вайны ў вёсцы ў нас было ціха, не стралялі, людзей не забівалі, а суседнюю вёску Баравіцу ўсю спалілі, толькі дзве хаты засталося. А ў нас у хаце партызанская кухня была. Сядзім на печы, а так смачна пахне, есці хочацца.

         Памятаю, што толькі аднойчы французы наехалі, усіх курэй пазабівалі. Мы сядзім на печы, а куры ў запечку схаваныя, дык яны з аўтамата пастралялі іх, потым павыцягвалі і забралі з сабой. У нас дзве курачкі засталіся, як у іх не папалі, не ведаю, а ў суседа певень застаўся, так і разводзілі курэй пасля вайны. Яшчэ памятаю, зімой гэта было, мароз, мароз, а Дулебы (вёска за 2 км ад Падосава) бамбілі, дык у нас хаце хавалася аж 40 чалавек. Каб самалёт на нас бомбу скінуў, дык усіх бы пазабівала. Памятаю, як раненых нашых з Дулеб на Ягадку (вёска 11 км ад Падосава) везлі, бой там быў, а яны так стогнуць, жудасна так, перавязваць няма чым. А мама мая пахавала ручнікі ў вулеі, дык яны там знайшлі іх, ведама, перавязкі рабіць трэба, мы гэта ўсе разумелі, але і ў нас нічога не было, мама потым плакала.

         Страшна было, як цётку з дзядзькам паліцаі забралі за тое, што партызанам дапамагалі, як ты не дапаможаш, зойдуць у хату - хлеба просяць, давалі ўсе, у каго што было. Потым, праўда, іх адпусцілі, але мы дужа плакалі, вось гэта і запомнілася.

         Як немцы адступалі, мы ў лесе хаваліся з дзедам, а ў вёску бегалі па цыбулю зялёную, нашчыпаем і зноў у лес. Салдаты нашы нас па сцежцы знайшлі, якую мы пратапталі, бегаючы ў вёску і назад у лес.

         Пасля вайны пайшла вучыцца ў першы клас у Дулебы. Школы не было, вучыліся па хатах. Пайшлі хто ў чым, адзення добрага не было. Закончыла 7 класаў, хацела вучыцца, але не далі даведку, не адпусцілі з калгаса. Па дагавору на торфараспрацоўкі ездзіла, з хаты меншы налог бралі тады, нейкі працэнт скідвалі. А потым і замуж пайшла, у Дулебах хату пабудавалі, дзве дачкі нарадзіла і сыночка. Сынок маладзенькі загінуў, пасля арміі, трактарам наехалі.

24. Страшна як бамбілі

(Успаміны Цэдрык (Бурай)  Кацярыны Піменаўны,

10.01.1934 г.н. в. Дулебы)

Сказалі, што вайна, а мы малыя былі, не разумелі. Спачатку немцы на машынах, на матацыклах прыехалі, зрабілі, дзе былі раней калгасныя канюшні, сабе казармы, стаялі там не вельмі доўга, партызан баяліся. Нямецкі гарнізон быў у Пагосце потым. Неяк напачатку дык быццам і не чапалі нікога, гэта потым, як вяскоўцы ў паліцаі падаліся, сталі паказваць сем’і партызан, актывістаў, пачалася страляніна.

         Памятаю: я бульбу на калёсках каціла дамоў, а ісці трэба было каля казармаў, малая я зусім, ледзь-ледзь яе цягну, дык немец нейкі дапамог дакаціць калёскі, на пачатку вайны і сахарын дзецям немцы давалі.

         Страшна было, як немцы ўсіх сабралі на перакрыжаванні вёскі, адных адводзілі налева, а насупраць кулямёты паставілі, відаць, расстрэльваць хацелі, другіх направа, каб глядзелі. А потым прыехаў афіцэр, нешта пагергетаў, усіх адпусцілі. А потым мы ўжо ў лесе хаваліся пад Дашніцай (вёска за 2 км ад Дулеб), баяліся, як немцы наязджалі. Жылі ў бліндажы. На вуліцу зусім не хадзілі, баяліся. Дужа страшна было, як самалёты бамбілі, самалёт ляціць нізка і страляе па людзях, сядзім пад дрэвамі, чакаем, калі самалёт паляціць з вёскі. Немцы перад адступленнем ўсю вёску спалілі, дзве хаты былі цэлыя.

         У вайну брат памёр, спужаўся, гарачка прыкінулася, дактароў не было, не было каму лячыць.

         Тату на фронт не забралі, аставілі старшынёй калгаса працаваць, Буры Пімен Якаўлевіч калгас арганізоўваў. Коней не было, аралі на сабе, па 12 чалавек плуг цягалі. Пасля вайны пайшла ў школу ў 1 клас, толькі чатыры класы скончыла. Школы не было, вучыліся па хатах. Кніжак, сшыткаў таксама не было, адна кніга на ўсіх. Цяжка было, налогі вялікія плацілі, вось і пайшла працаваць. Грошай не плацілі, працавалі за працадні. Садоў у вёсцы не было, бо за кожнае пладовае дрэва патрэбна было налог плаціць. А цяпер столькі яблык шмат, нікому не патрэбныя. На торф паехала, там грашыма плацілі. Замуж у 1955 годзе выйшла, двух дзяцей нарадзіла. Так усё жыццё ў Дулебах і жыву.

25. Беглі глядзець на матацыклы

(Успаміны Цэдрык Лізаветы Сцяпанаўны,

01.08.1930 г.н. в. Дулебы)

         Сказалі вайна, а тут немец прыехаў, дык беглі глядзець на матацыклы, мы іх ніколі і не бачылі. У сярэдзіне вайны ў хату нашу бомба папала, усё згарэла, дык мы пайшлі жыць у Падосава да матчыных бацькоў. У Падосаве хлеб маці пякла партызанам, а ён такі смачны, да гэтага часу пах хлеба памятаю. Есці хацелася.

         Добра памятаю, як нашых суседзяў забілі, мы яшчэ жылі ў Дулебах, хата насупраць нашай хаты стаяла, дык у адзін дзень сем душ расстралялі: бацьку, маці і чацвёра дзяцей за тое, што сын быў у партызанах.

         Пасля вайны бацька хату новую на старым месцы адбудаваў. А ў той час па хатах вучыліся, і ў нас у хаце некалькі гадоў школа была. Скончыла 7 класаў, вучылася добра, паступіла ў педвучылішча, але вучыцца не давялося, захварэла цяжка маці, так я і засталася ў вёсцы. Працавала ў калгасе, потым, як адкрылі ФАП, санітаркай да самай пенсіі.

26. Жывот балеў ад цукерак

(Успаміны Ігнатовіч (Несцяровіч) Фядоры Васільеўны

10.10.1936 г.н. в. Дулебы)

Як пачалася вайна, не памятаю, малая была. А потым многае памятаю. Паліцаі нас на Баравіцу пагналі, а немцы загадалі назад у Дулебы вярнуць. Загналі па хатах, дзяці малыя і маці з Марыяй (нарадзілася ў вайну) на печ схаваліся, а самі на камянку агонь распалілі, хлеб маслам мажуць, а мы з печы зыркаем, есці хочацца. Пазваў нас немец да сябе, а мы баімся з печы злезці, маці мяне адправіла, сказала: “Ты малая, нічога табе не зробяць”. Намазаў ён хлеба і мне даў, мы дзве скібачкі сабе аставілі, падзялілі і з’елі, а астатнія ў анучачку назаўтра аставіць. Дык ён нам яшчэ хлеба даў. Назаўтра пераводчык сказаў маці, каб мы з хаты ўцякалі, бо немцы заб’юць нас. Улучылі мы момант, калі немцаў не было, сышлі ў другі бок вёскі, за пуняй схаваліся. А як стала ціха, вярнуліся на свой падворак, дык усюды былі дзверы адчынены, нас, відаць, шукалі. Усю вайну амаль у лесе хаваліся, самалёт ляціць,  мы ў адзін бок, маці ў другі, татка нас за рукі і цягне ў бліндаж. Больш за ўсё запомнілася, як немцы партызана білі, рукі яму скруцілі, вочы павыкалвалі, а ён так крычаў, так крычаў, вось гэта і запомнілася.

         Бацька прыйшоў на Міхайлу (21 лістапада), беглі сустракаць, ён зайшоў да бабулі, маці дома не было, пайшла на кірмаш. Татка нас цукеркамі частаваў, а мы тыя цукеркі параздавалі, і мамцы не засталося. А у мяне потым жывот балеў ад цукерак. Галодныя былі. Сем класаў скончыла, пайшла ў 8 клас у Мачаск, але далей не вучылася, бо патрэбна было 140 рублёў за вучобу плаціць, брат вучыўся, а я пайшла працаваць, спачатку на торфазавод у Карзуны, а потым у калгас даяркай. Замуж выйшла ў 1958 годзе. Працавала, а потым цяжка захварэла на астму.

27. А ў вайну ўсю вуліцу спалілі

(Успаміны Гаравік (Шмарлоўскай) Соф’і Сямёнаўны

03.10.1929 г.н. в. Дулебы)

На пачатку вайны мне ўжо 12 гадоў было. Нашы салдаты адступалі, галодныя былі, заходзілі ў хаты, есці прасілі. Перад Таўсціцай аўтобус новенькі кінулі, дык мы бегалі глядзець. Першы раз немцы ў Дулебы прыехалі на матацыклах, страшна дужа было, форма зялёная, у касках. У вайну ў вёсцы знаходзіліся мала, як толькі крычаць “немцы”, дык адразу беглі ў лес хавацца. Перад вайной з усіх хутароў звезлі людзей у Дулебы, пабудавалі новую вуліцу, назвалі Савецкай. А ў вайну ўсю вуліцу спалілі.

         Памятаю, як людзей з Таўсціцы вялі на расстрэл. Таўсціцу немцы разбамбілі, а людзі прыбеглі ў Дулебы, пахаваліся па хатах. Немцы панаехалі, акружылі вёску і з паліцаямі хадзілі па хатах, калі чалавек з Таўсціцы, саджалі ў машыну і везлі за вёску. Наша хата сенцамі на агароды выходзіла, я праз шчыліну бачыла, як вялі Тарасевіча Есіпа, ён на руках трымаў дачку 2-хгадовую Марыю. Яго вядуць і б’юць прыкладамі, дзевачка крычыць, кроў усюды свішча і па руках малой, а ён яе трымае моцна. Дачку яе хацелі аддаць маёй матулі, але ён не аддаў, трымаў моцна, так іх разам і расстралялі. Дзяцей малых аддавалі людзям, а расстрэльвалі дарослых, але з мацеркамі і многія дзеці малыя загінулі.

         Перад самым адступленнем немцаў сядзелі бязвылазна ў лесе, у бліндажы. Чулі, як “Кацюшы” зайгралі. А потым партызаны па рупары аб’явілі, што немцаў няма, Дулебы вызвалілі. Мы вярнуліся дамоў. Але нашы нам сказалі, каб мы дужа нідзе па лесе не хадзілі, засталося многа паліцаяў, ды і немцаў, якія хаваліся.

         Вельмі цяжка пасля вайны жылося, бацькі мае ўжо старыя былі, я ў іх адна, брат у вайну памёр. Дапамагчы не было каму. Галадалі, солі не было, бацька мой распух з голаду. Пайшлі з маці ў Беразіно за метрыкамі, атрымалі метрыкі, перайшлі мост, селі паесці, а хлеб пяклі з плюшак (мёрзлая бульба), разламалі гэты хлеб, а там чарвяк. Пасля вайны пайшла ў 4 клас, закончыла 7 класаў, далей не вучылася. Працавала цяжка.

28. У той дзень шмат сем’яў партызанскіх расстралялі

(Успаміны Глазоўскай (Цэдрык) Ніны Міхайлаўны

01.03.1936 г.н. в. Дулебы)

Глазоўская Ніна Міхайлаўна (01.03.1936) – у цэнтры

Пачатак вайны зусім не памятаю. Памятаю, што немцы ездзілі на матацыклах, ігралі на губных гармошках. А мы, малыя, былі, у хаце маці вокны дзяругамі завешвала, а мы ў хаванкі гулялі. На вуліцу не хадзілі. Дзядзька мой Іван у партызанах быў, прыбегла да нас баба Наста з плачам, дзеда Якава немцы забралі. Яго і яшчэ многіх заставілі яму капаць, а потым паставілі каля ямы і расстралялі. Бабу Насту таксама схапілі, збілі моцна, на воз закінулі і павезлі ў яму. У той дзень шмат сем’яў партызанскіх расстралялі.

         Пасля вайны закончыла ўсяго 4 класы, працаваць пайшла, тата мой на вайне загінуў, сястра і брат у вайну памёрлі. У маці нас засталося двое: я і брат Коля. Трэба было маці дапамагаць. Свіней даглядала, у 16 гадоў на торф ездзіла, гадоў прыбавіла.

 

Заключэнне

         Усё далей і далей у гісторыю адыходзяць падзеі тых вогненных гадоў, прасякнутых болем, бядой, пакутамі. Цана Перамогі – гэта мільёны загінуўшых, абяздоленых, асірацелых.

         Мы схіляем галовы перад усімі, хто набліжаў Дзень Перамогі.

         Урокі мужнасці, самаадданасці, любові да Радзімы, доблесці, гераізму і інтэрнацыяналізму – вось што ўяўлялі бясконцыя цёмныя дні і ночы той Вялікай Айчыннай вайны. І наш свяшчэнны абавязак – зберагчы гэтыя ўрокі для гісторыі, данесці да нашчадкаў.

         Больш за два мільёны жыхароў Беларусі загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Калі ўшаноўваць хвілінай маўчання кожнага, хто загінуў у Беларусі, то давядзецца маўчаць чатыры гады. Пад тысячамі абеліскаў па ўсёй беларускай зямлі вечным сном спяць мільёны тых, хто не вярнуўся з вайны. І пакуль мы жывыя, мы не маем права забываць пра іх подзвіг.

         Нізка схіляем галовы перад памяццю герояў, якія прынеслі нам свабоду, шчасце і светлую будучыню. Гэта памяць кліча нас быць дастойнымі гэтай славы. Ведаць гісторыю сваёй Радзімы – гэта свяшчэнны абавязак сапраўднага грамадзяніна Беларусі.

Сведкі той вайны адчуваюць, што патрэбны нам, маладым. Патрэбна іх чалавечнасць, іх парады, іх успаміны. А як жа інакш? Хочацца часцей сустракацца, каб удыхаць “паветра” дабрыні, смеласці духу. І адчуваць асалоду ад таго, што яны нам давяраюць. Ростань з героямі, як закрыццё чарговай старонкі кнігі. Вялікай кнігі пад назвай “Жыццё”. А эпілогам хай будуць словы тых жанчын, што рэхам адгукаюцца ў нашых сэрцах: “Каб вы, дзеткі, толькі не бачылі вайны! Бо гэта розуму недасягальна. Беражыце мір, захавайце спакойнае жыццё на зямлі!”    

         Галоўная мэта нашай працы была дасягнута. Мы склалі спіс жанчын (усяго 46), занатавалі 28 аповедаў-успамінаў сведак мінулай вайны, запоўнілі 28 анкет-апытальнікаў, сабраныя фотаздымкі памясцілі ў дадатак (гл. дадатак 1-2).

          На аснове аповедаў-успамінаў мы зрабілі такія высновы:

         1. Дзяўчынкі - падлеткі рана сталі дарослымі, вымушаны былі цяжка працаваць, жыць у вечнай трывозе і непакоі. Фашызм пазбавіў іх самай прыгожай і бесклапотнай пары жыцця – дзяцінства.

         2. “Маленькія жанчыны” пратэстуюць усім сваім вялікім сэрцам супраць насілля, гвалту, асуджаюць вайну. Дзяўчынка – дзяўчына – мадонна. Яна не можа быць шчаслівай на вайне. Яе прызначэнне – дарыць прыгажосць, нараджаць дзяцей дзеля шчасця. Дзяўчынкі-падлеткі асуджаюць вайну як пачвару-забойцу, усе яны хочуць бачыць мірнае неба над сваімі ўнукамі і праўнукамі.

         3. Вайна зрабіла іх рэалістамі, а не рамантыкамі. Іх мары не маглі лунаць у небе, з якога падалі бомбы і снарады. Час лечыць раны, але вайна не пакідае сваіх ахвяр ніколі. Людзі павінны навучыцца цаніць мір і стваральную працу.

         4. На прыкладзе гэтай працы мы дакументальна пацвердзілі статыстычныя дадзеныя аб тым, якія страты панесла мірнае насельніцтва на тэрыторыі вёскі Любушаны і навакольных вёсак у час Вялікай Айчыннай вайны, зразумелі неабходнасць належнага ўшанавання і догляду месцаў пахаванняў землякоў.

Практычная значнасць. Матэрыял вельмі цікавы, аповеды дзяўчынак-падлеткаў прасякнуты пачуццямі невыказанага болю, жахаў перажытых выпрабаванняў. Ён можа быць выкарыстаны на ўроках гісторыі Беларусі пры вывучэнні раздзела “Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны”, таксама ў пазакласнай рабоце, пры правядзенні пасяджэнняў літаратурнай гасцёўні па адпаведнай тэматыцы, на ўроках літаратуры, на класных гадзінах.

         Няхай гэта праца дапаможа нам яшчэ больш даведацца аб жахлівых і гераічных старонках нашай Бацькаўшчыны, узбагаціць веды, набытыя на ўроках, з аповедаў і сустрэч з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны і тымі, хто быў сведкам гэтых трагічных падзей. У нашай працы апісаны ўспаміны невялікай колькасці жыхароў акупіраванай тэрыторыі, але праца ў гэтым накірунку працягваецца.

         У час напісання нашай працы мы адкрылі невядомыя імёны, імёны загінуўшых мірных жыхароў в. Таўсціца (пасля вайны не адрадзілася), якія пахаваны ў брацкай магіле в. Дулебы. Раённы савет ветэранаў  зрабіў таблічку з імёнамі. Гэта таксама наш уклад, памяць жывым, каб помнілі імёны загінуўшых бязвінных людзей.

      Ідзе час, людзі старэюць, адыходзяць у нябыт, але напісанае застаецца. І мы плануем занатаваць звесткі ўсіх жыхароў-сведак (жанчын) навакольных вёсак, каб наступныя пакаленні ведалі, якія гераічныя і мужныя людзі жылі побач. Спадзяёмся, што ўспаміны дзяўчынак-сведак ваеннага ліхалецця будуць уключаны ў кнігу “Памяць”, што плануецца выдаць да 70-годдзя з Дня Перамогі.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Алексіевіч С. А. У вайны не жаночае аблічча: Дакум. аповесць/ Пер. З рус. М. Гіля; Уступ. Сл. А. Адамовіча. – Мн.: Маст. літ., 1991. – 272 с., [25] л. іл., партр.
  2. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа ( у кантэксце Другой сусветнай вайны). Пад рэд. доктара гістарычных навук Ю.М. Бохана, кандыдата гістарычных навук, дацэнта В.Ф. Кушнера. Мн.: УП “Экаперспектыва”, 2005. – 272 с.
  3. Газета “Сцяг Леніна” ад 4, 6, 8, 11, 13, 15 красавіка 1989 г., 18, 20, 23 мая 1989 г./ускл. Пётр Прыбыткін
  4. Каваленя А.А., Краснова М.А., Лемяшонак У.І. і інш. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны). Вучэбны дапаможнік для 11 класаў устаноў, якія зябяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі. - Мн.: Выдавецкі Цэнтр БДУ, 2004. – 230 с.
  5. Операция “Багратион». Освобождение Белоруссии. – М.: ОЛМА-ПРЕСС, 2004. – 484 с.
  6. Памяць: Бярэзінскі р-н: гіст.-дак. Хронікі гарадоў і р-наў Беларусі /Укл. П.А. Прыбыткін; Рэдкал.: А.А. Ждановіч і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мн.: Беларусь, 2004. – 576 с: іл.
  7. Памяць Беларусі: Рэспубліканская кніга /Рэд. Кал.: Г.П.Пашкоў (гал.рэд.) і інш.; Маст. У.П. Свентахоўскі. – Мн.: БелЭн, 2005. – 592 с.: іл.